Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" ўваходзіць у склад гарбарна-абутковай падгаліны Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці "Беллегпрам".
Паводле гістарычнай даведкі першыя згадкі пра гарбарны завод у г. Гродна адносяцца да пачатку 1900-х гадоў. Ён знаходзіўся ў прыватнай уласнасці ў розных гаспадароў.
У 1939г. пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР скурзавод быў нацыяналізаваны і функцыянаваў да 22 чэрвеня 1941г.
Падчас фашысцкай акупацыі вытворчасць скур працягвалася пад кантролем нямецкіх улад.
Пасля вызвалення г. Гродна ад нямецкіх захопнікаў, на падставе Пастановы Савета Народных Камісараў БССР №514 ад 7 ліпеня 1944г. і Пастановы СНК БССР №649 ад 5 кастрычніка 1944г. завод увайшоў у склад сістэмы Белскурабутзьтрэста Народнага Камісарыята лёгкай прамысловасці БССР і прыступіў да вытворчай дзейнасці.
Загадам Міністэрствы лёгкай прамысловасці БССР ад 03.08.1988г. №159 Гродзенскі гарбарны завод быў пераўтвораны ў Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне. У 1993г. прадпрыемства ўключана ў склад канцэрна "Беллегпрам", а ў 2001г. перайменавана ў рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства.